» » "Музею - 40 гадоў". А.М. Мартынаў.

"Музею - 40 гадоў". А.М. Мартынаў.

"Музею -  40 гадоў". А.М. Мартынаў.

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава. 1980-я гг.


Ваенна-гістарычнаму музею імя А. В. Суворава споўнілася 40 гадоў. У думках перанясемся ў аддалены першы пасляваенны год. Краіна прымала гераічныя меры па ліквідацыі нанесеных вайной разбурэнняў.

Вуліца Суворава ў Кобрыне захавалася адносна нядрэнна. І сярод уцалелыхдамоў асабліва непрыглядны выгляд меў уросшы ў зямлю стары дамок, з якім у народзе было звязана імя Суворава. Ад будынка засталася перакошаная драўляная каробка без акон і дзвярэй, з прагнілым гонтавым дахам.
У першыя пасляваенныя гады можна было часта назіраць, як пакінутыя былымі ўладальнікамі дамы знікалі за адну ноч. Такі ж лёс быў прыгатаваны і нізенькаму доміку па вуліцы Суворава, паўночна-заходні вугал якога яшчэ зімой 1945 года быў разабраны на паліва, калі б не адна шчаслівая аб- ставіна.

У Кобрыне на той час аказалася загадчыца абласнога аддзела народнай адукацыі Іванова, якой адзін з кабрынчан расказваў аб пагрозе над домам. Іванова ўспомніла, як у 1944 годзе, пасля выхаду з лесу, партызаны, сярод якіх была і яна, ачышчалі ад гною сувораўскі дом, у якім гітлераўцы трымалі коней. Аб пагрозе, якая навісла пад домам, Іванова напісала ў «Правду». Сігнал даў належны эфект. Ужо летам 1946 года ЦК КПБ прыняў рашэнне аб аднаўленні гістарычнага дома з мэтай адкрыцця ў ім музея.

Няцяжка ўявіць маё здзіўленне, калі мне ўручылі рашэнне гарвыканкома, згодна з якім я з 4 жніўня 1946 года назначаўся дырэктарам неіснуючага музея і абавязваўся аднавіць дом Суворава.

Пасля дэмабілізацыі з арміі я працаваў у інвентарызацыйна-тэхнічным бюро тэхнікам-інвентарызатарам. А ў той пасляваенны час кожнага маглі назначыць на любую работу без згоды. I мне давялося ўзяцца за зусім новую работу — аднаўляць дом і адначасова авалодваць азамі зусім невядомай музейнай справы.

У Брэсцкай вобласці музеяў у той час наогул не было. Бліжэйшыя знаходзіліся ў Пінску і Слоніме Баранавіцкай вобласці.Туды я і накіраваўся пе- раймаць вопыт. Аднак высветлілася, што і іх кіраўнікі, былыя камандзір партызанскага атрада і настаўніца, такія ж бездапаможныя, як і я. Зрабіў стаўку на дапамогу сталічных музеяў, якая сябе апраўдала.

Тым часам у пачатку 1948 года з вялікімі цяжкасцямі аднаўленне дома закончылі. Настаў час займацца стварэннем першай экспазіцыі. Аднак профіль музея яшчэ не быў вызначаны. Трэба было рабіць выбар з трох варыянтаў: краязнаўчы, мемарыяльны Сувораўскі і ваенна-гістарычны імя Суворава з мемарыяльным ухілам. Пасля ўсебаковага абмеркавання выбралі апошні варыянт.

У той час было модна карыстацца выказваннем Сталіна аб нашых вялікіх продках. Таму вырашылі першую залу музея прысвяціць дзеянням гэтых ваеначальнікаў, у тым ліку. і Суворава. Наступная экспазіцыя павінна была знаёміць наведвальнікаў больш падрабязна з жыццём і баявымі подзвігамі Суворава. I, нарэшце, у трэцім раздзеле планавалі адлюстраваць падзеі «Дванаццатага памятнага года», у самым пачатковым перыядзе якога ў Кобрыне была атрымана першая значная перамога над войскамі Напалеона ў межах Расіі.

Аднак для адкрыцця музея многага не хапала. Не было нават шкла для акон. Пра спецыяльную музейную мэблю можна было толькі марыць. Шматтыражныя ілюстрацыі мы расклеілі на кардоне і развесілі на забітых у сцены цвіках. Такім чынам, аформілі другі і трэці раздзелы. А вось з першым справы ішлі горш. У партрэце «імянінніка» — Суворава трэснуў падрамнік, яго прыйшлося адпраўляць у Брэст для перацяжкі. А без партрэта нельга аформіць экспазіцыі.

Вечарам 30 красавіка партрэт быў дастаўлены ў Кобрын. Але тут зноў узніклі складанасці. На адкрыцці музея захацелі папрысутнічаць кіраўнікі абкома партыі і аблвыканкома. Аднак 1 мая яны павінны былі прысутнічаць у Брэсце. У абкоме прынялі рашэнне неранесці адкрыццё на 9 мая. Я з палёгкай уздыхнуў. Але 1 мая мне перадалі, каб зайшоў да першага сакратара райкома КПБ Царанкова. Той не стаў слухаць маіх спасылак на пажаданні кіраўнікоў абкома і катэгарычна заявіў, што адкрыццё павінна адбыцца сёння. Пярэчыць не было сэнсу. На шчасце, напярэдадні музей атрымаў ад Дзяржаўнага гістарычнага музея фотавыстаўку, прысвечаную 30- годдзю Вялікага Кастрычніка на 12 шчытах. I вось пры садзейнічанні некаль- кіх добраахвотных памочнікаў шчыты размясцілі ў першай зале.

Аднак, што ж будзем адкрываць? Нельга было дастаць нават простай стужкі. Не было і флагаў. Рашэнне ўзнікла імгненна: была гатовая ме- марыяльная дошка, вось яе і адкрыем. А чырвоны матэрыял знайшлі так. Аднаму з памочнікаў даручыў, — што ўжо будзе! - на першым жа доме зняць чырвоны флаг, палотнішчам якога і закрылі мармуровую дошку, што навешвалі ля ўвахода на вачах у сабраўшыхся.
Тым часам дэманстрацыя на плошчы Свабоды заканчвалася і людзі накіраваліся на вуліцу Суворава. На мітынгу з кароткай прамовай выступіў палкоўнік — кавалер ордэна Суворава. Ён і зняў чырвоны матэрыял з дошкі, на якой было высечана «Тут жыў А. В. Сувораў у 1797 і 1800 гадах».
Затым наступіла ўзаемнае прыемнае здзіўленне: кіраўнікі раёна былі здзіўлены тым, што ў музеі ўсё было лепш чакаемага, я — іх добразычлівасцю ў адносінах да такой прымітыўнай экспазіцыі.

Цесныя пакойчыкі, якія назвалі па-музейнаму — заламі, былі запруджаны народам. Па самых сціплых падліках, новы музей наведала некалькі тысяч чалавек.

У далейшым яго экспазіцыя неаднаразова самым карэнным чынам перабудоўвалася, няспынна абагачалася экспанатамі, рабілася зусім не падобнай да той, што адкрылася 1 мая 1948 года.

А. МАРТЫНАЎ,
былы дырэктар музея.
9 мая 1988 г.

"Музею -  40 гадоў". А.М. Мартынаў.

Мартынаў Аляксей Михайлавіч - першы дырэктар Кобрынскага музея (з 1946 па 1978 гг.) Май 1982 г.
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо зайти на сайт под своим именем.
Оцените работу движка
Все опросы